Слухаем тэкст дыктанта
Пішам дыктант
Слухаем тэкст дыктанта
Пішам дыктант
А любы з гэтых тэкстаў ты можаш запісаць пад дыктоўку мамы ці таты.
Галосныя гукі пасля цвёрдых зычных. Іх абазначэнне на пісьме
Надвячорак
Сонца з вершалінкі маладзенькай бярозкі моўчкі дало нырца ў рэчку. Месячык аж збялеў ад хвалявання: утопіцца! Вецер у злосці затрос бярозку: чаму не затрымала сонейка? Неба на захадзе нібы ад сораму пачырванела. Пачынала вечарэць. (35)
Хто пасадзіў дубкі?
За рэчкай раслі адны елкі. Але потым сярод іх з’явіліся дубкі. Яшчэ зусім маленькія. Усяго толькі тры лісцікі тырчаць з зямлі. Дубы адсюль растуць далёка. Хто пасадзіў іх тут? Сойка на зіму схавае жолуд. А вясной жолуд прарасце. (42)
Завіруха
Бялявая зімовая хмара звісла над зямлёю. Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла.
Пад вечар завея сціхла. (55)
На рэчцы зімой
Узімку рака мае незвычайны выгляд. Яе наглуха замятае снегам. Цэлыя гурбы ляжаць на кустах, звешваюцца з берагавых абрываў. Усюды снег. Неба белае. Але ў гэтым белым свеце ёсць цікавае жыццё. Сюды прыходзіць звер. Скачуць зайцы. Крадуцца лісіцы. Часам трапляе ў рэчышча і разважлівы воўк. (47)
Галосныя гукі пасля
мяккіх зычных. Іх абазначэнне на пісьме
На лузе
Цёплы летні дзень. Сонца пячэ, а гарачыні няма. Лішак яе паглынаюць рака, зараснікі, густыя паплавы, непралазны алешнік, усялякая зеляніна. Аж заліваюцца спевам птушкі. Гудуць мясістыя чмялі. Адны конікі могуць заглушыць! Толькі людзей не відаць і не чуваць іх гоману. (39)
На беразе возера
На беразе возера раскінуўся сасновы лес. Унізе сцелецца верас. Над верасам гамоняць сосны. Яны расказваюць чароўныя казкі. Возера маўчыць. На пясок павольна набягаюць хвалі. Чайкі лётаюць над люстранай вадой. (32)
Бацькоўскія клопаты
Бацька i маці выбіваліся з сілы. А дзеці ўсё разяўлялі i разяўлялі свае ружовыя ненаядныя раты. Першы змогся бацька. Але, седзячы каля дзяцей, заўважыў, што яны ўжо не так прагна кідаюцца да маці. I калі тая падлятала, забываліся нават разявіць рот. Сонца, якое паднялося над хатай, прыгрэла ластавянят. Яны пачалі весела штурхацца. Раптам лёгка рвануліся ў паветра. (60)
Напісанне слоў з ў
Надыход вясны
На ўскраінах лясоў распускаўся малады бярэзнік. Жоўтыя каткі звісалі на вербалозінах, склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёная траўка прабівалася ўжо на свет скрозь сухое лісце. Прынадныя пахі разлівала чаромха. Адны толькі паважныя дубы не спяшаліся расчыняць свае покаўкі. Дуб – мудрае дрэва. Ён не паддаецца на зман няпэўнай у пачатку вясны. (51)
Летняя раніца
На золку ў полі слаўся ў нізінах туман. Ад расы пасівела зялёнае жыта. Малінавы небасхіл наліваўся золатам і чырванню. Загарэліся верхавіны елак і хвой. Над лесам выплыла вялікае зіхатлівае сонца і заліло святлом і цяплом прастор. З травы выпырхнулі жаўрукі. Зазвінелі над полем сотні тоненькіх званочкаў. Колькі радасці і прыгажосці было разліта ў прасторы! (56)
Вечар
Дзень канчаўся. Сонца стаяла за Дняпром, над лесам. Высока ў небе таялі шматкі белых воблакаў. Кірык павярнуў да вёскі. Рашуча запыліў босымі нагамі па дарозе. За ім ішлі дзве яго сяброўкі. Жаваранкі апускаліся з неба і садзіліся ў жыта. Ад прыдарожных дрэў і кустоў ляжалі доўгія цені. З боку Дняпра раптам дыхнула вячэрнім халадком. Сонца павольна садзілася. (58)
Напісанне слоў з
раздзяляльнымі знакамі
Верабей
Маладому вераб’ю спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Ластаўкі былі ў выраі, і верабей адчуваў сябе поўным гаспадаром. Хутка ён зусім прывык да новага месца. Ён вырашыў зрабіць невялічкі рамонт свайго жылля і застацца ў ім на ўсё лета. Верабей ачысціў гняздо ад бруду, смецця, назапасіў свежаха пуху, наладзіў пасцель. Яму вельмі спадабалася новая кватэра. Ён даў сабе слова не ўступаць яе нікому. (63)
Пачатак вясны
Як вясёлы і прыветны ў пачатку вясны ўскраіны лесу! Кожная пядзя зямлі жыве радасным абуджаным жыццём. З’яўляюцца першыя парасткі маладога зяленіва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі. А паветра звініць птушыным гоманам. Аднаўляецца зямля. Ажывае прырода. Радасны шолах жыцця ходзіць па галінках кустоў і старога лесу. (47)
Правапіс вялікай літары
Над Прыпяццю
Над Прыпяццю сінее лес.Трапечуць лісцем маладыя асінкі. Хваляцца сваімі чырвонымі гронкамі стройныя рабіны. Чародкі маслякоў і падасінавікаў выбягаюць з кустоў на самую дарогу. Адтуль пахне церпкім водарам хвоі, прэлай зямлі, грыбоў. Свежы вецер нясе з Прыпяці вострыя пахі водарасцей, рыбы. На полі дрэмле пачарнелы бульбоўнік. (48)
Дружба
Міша і Коля не маглі дня пражыць адзін без аднаго. Аднойчы Міша захварэў. Сумна яму ляжаць у ложку, піць горкія таблеткі і нікога не бачыць. Хутка Міша крыху ачуняў. Колю не цярпелася хутчэй расказаць сябру пра школьныя навіны. Коля часта прыбягаў да Мішы. Яны разам рашалі задачы, чыталі кнігі. (50)
Першы дзень вясны
Сяброўкі Іра і Ліда вяртаюцца са школы. Першы веснавы дзень такі ціхі і цёплы. Хочацца ісці павольна і прыглядацца да ўсяго навакольнага хараства. Дзяўчынкі не спяшаюцца. Яны размахваюць партфелямі, азіраюцца і часта спыняюцца. Дзяўчынкі любаваліся першым веснавым днём. (41)
Комментариев нет:
Отправить комментарий